Няўжо сталася так, што не чыніць зла іншаму — гэта ўсяго толькі пазыцыя, адна з многіх, прычым састарэлая? А ў нас, маўляў, плюралізм.
І ніхто больш ня верыць словам Хрыста з Нагорнае казані: „Усё тое, што ты хочаш, каб іншыя людзі рабілі табе, тое і ты рабі ім?” Ніхто ўсур’ёз не прымае катэгарычнага імпэратыву Канта: „Стаўся да іншых лю дзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе“, пра „неабвержны сэнс“ якога пісаў Васіль Быкаў.
Няўжо ўсё, што адбываецца з табой, залежыць толькі ад абставінаў, ад тых зьменлівых карцінаў жыцьця, у якія ты воляю лёсу трапляеш з галавой?
Вось Беларусь — твая краіна, тут ты дома і свой. А вось Рэспубліка Беларусь — дзяржава, тут ты не супадаеш з агульнай лініяй. Вось — мытня, дзе ты працуеш ужо шмат гадоў. А вось — арганізаваная злачынная група на мытні… Вось „Амэрыканка“, „Валадарка“, суд і прысуд, турма… Карціны мяняюцца, як тантамарэскі.
Тантамарэска — гэта і ёсьць карціна з адтулінай для твару. Вы, напэўна, бачылі такія стэнды ў парках ці на курортах. Падстаўляеш свой твар у адтуліну — і ты ўжо ў дзельнік таго, што там адбываецца. Фатограф робіць здымак на памяць.
Вось ты ў казачным лесе, а вось — у судовай клетцы, вось ты рыцар на ўздыбленым кані, а вось — сярод вязьняў калёніі, вось ты ў абранай прафэсіі, а вось — у дзяржаўнай сыстэме. Перабіраючы здымкі, міжволі задумаесься, дзе тая рыса, калі ты — гэта ты з уласнага выбару, а калі тантамарэску для цябе выбраў нехта іншы. І так пачынаючы ад самай першай тантамарэскі — прыходу на гэты сьвет.
Судовы працэс ашмянскіх мытнікаў пачаўся ў лістападзе 2016 году і скончыўся ў лістападзе 2017-га. Вялікая ўвага да яго тлумачыцца тым, што ініцыяваў працэс сам прэзыдэнт, і тым, што на лаве падсудных апынуліся ажно 58 чалавек, а яшчэ тым, што адзін зь іх — знаны ў Беларусі краязнаўца і асьветнік Алесь Юркойць. /…/
У Партызанскім судзе 11 падсудных. Пяцёра зь іх у клетцы і ў турме. Шасьцёра пад хатнім арыштам — яны прызналі віну і супрацоўнічаюць са сьледзтвам, у суд прыяжджаюць з дому, могуць нават хадзіць на працу.
Падсудным інкрымінуюць хабар і пагражае вялікі турэмны тэрмін.
Перад пачаткам „прызнанты“ стаяць у калідоры кучкай. Тутсама — адвакаты, сваякі і сябры „непрызнантаў“, якіх прывозяць сюды з „Валадаркі“ і якія чакаюць працэсу ў ніжняй турме Дому правасудзьдзя, у „стаканах“.
У пэўны момант калідор перакрываецца кратамі, і за імі мы бачым, як „непрызнантаў“ у кайданках заводзяць у залю, пры кожным — два ўзброеныя канваіры. Наступнымі, ужо з гэтага боку кратаў і ў іншыя дзьверы, заходзяць у залю ўсе астатнія, у тым ліку і мы, каго тут называюць „присутствующими“. /…/
Мы ня бачылі Юркойця 20 месяцаў — увесь гэты час ён сядзеў у сьледчым ізалятары. Але, мабыць, важней, што ён упершыню за гэты час пабачыў нас. Вітаемся вачыма. Нехта крычыць: „Алесь, трымайся!“ Пракурор чытае абвінаваўчае заключэньне — даты, назвы фірмаў, хто каму колькі… Сотні эпізодаў.
Разглядаю падсудных у кайданках. Звычайныя з выгляду мужчыны крыху за сорак, усе з вышэйшай адукацыяй, усе сямейныя, без судзімасьцяў. Спакойныя, дружалюбныя. Што яны робяць у клетцы, у аўтазаку, у турме? Чаму іх, пяцярых, ахоўваюць 10 міліцыянтаў і яшчэ невядома колькі людзей у цывільным з дроцікам ад навушніка за каўняром?
Гэтыя ўсе, ахоўнікі, дачыняюцца міжсобку з мацярком, замест адэкватнасьці — адстароненасьць і гатовасьць атакаваць. „Не фотографировать! Не разговаривать!“ Калі мае вочы сустракаюцца з вачыма міліцыянта, ягоныя адразу закрываюцца плеўкай, як у курачкі.
Масавы працэс мытнікаў у краіне — ня першы і не апошні. Для чаго яны? Калі хабарніцтва на мяжы і сапраўды стала сыстэмай, дык трэба мяняць сыстэму, а ня ладзіць пэрыядычна гэтыя сумныя шоў.
Паэт і шоўмэн Сева Сьцебурака ўпэўнены, што без культурніцкай дзейнасьці Юркойця тут не абышлося: „Занелюбіў яго раённы кадэбіст“.
Усе гэтыя помнікі і памятныя шыльды, беларуская мова, маштабныя скульптурныя пленэры і бясконцыя госьці, прэзэнтацыі, лекцыі па школах — усё, што ён ладзіў па-за працай, кадэбісту — муляла. Цягаў і цягаў ён Юркойця на „прафіляктычныя гутаркі“, пасьля арыштаваў і асабіста завёз у Менск, чаго асабіста мог і не рабіць. Вёз і ўсю дарогу прыгаворваў — папаўся, маўляў, дагуляўся. Уяўляю сабе такі быкаўскі сюжэт. Пасьля гэтага кадэбіст на падвышэньне пайшоў, у вобласьць.