Тэхніка спальвання страху

penbelarus.org · Анатоль Івашчанка - Тэхніка спальвання страху

Ты сядаеш за стол
не клапоцячыся пра наступствы.
Быццам бы ракенрол
не памёр,
быццам добрая рыфма
апраўдвае ўсе напісаныя тутака глупствы,

быццам бы памяняць падфарціла
абрыдлае гіры* на крылы,
быццам зніклі з экрану
крыклівыя хары ды рылы,

быццам словы знайшліся
і склаліся ў слушны радок.
Быццам Бог напісаў у зваротным
кароткае “ок”.

Час раскідваць бутэлькі
і час іх збіраць па дварах.
Час маўчаць і заплюшчваць вочы.
Час камечыць малюнак
і спальваць чарговы свой страх…

Ты сядай, але помні:
няможна ў адную страфу
трапiць двойчы.

* Гіры – пачуццё абавязку (япон.)