Юджын Лі-Гамільтан. Таямніца Бузента

penbelarus.org · Юджын Лі-Гамільтан. Таямніца Бузента (пер. Г. Янкута)

Спіць сярод рачное стыні
Вечным сном уладны гот,
І над ім спяваюць плыні
Рэквіемы з году ў год.

Сон яго хавалі хвалі,
Берагла сама зямля.
З трох металаў адлівалі
Тры труны для караля.

Ты сакрэт труны таіла —
Дай, Бузента, нам адказ:
Дзе Аларыха магіла?
Вызваліў ад клятвы час.

Цела ў цёмную гадзіну
Прынялі на схоў віры,
І пра гэту дамавіну
Свет не ведаў да пары.

У святле паходняў спраўна
Готы ладзілі абрад.
Той, хто першым быў нядаўна,
Лёг у камяністы спрат.

І пакуль усходу ззянне
Не кранула твараў іх,
Узвясцілі арыяне
Рэчцы тайну дум сваіх:

“Найвялікшы скарб народа
Прымеш ты — і доўг цяжкі,
Хай твае бароняць воды
Прах уладцы праз вякі.

У тваім палоне сінім
Ганьба воя не кране.
Цела мы табе пакінем,
Слава ў свеце не міне”.

Так, захутаны ў туманы,
Пад аховаю вятроў,
Быў Аларых пахаваны
Світай готаў-ваяроў.

Як накрыў струмень шырокі
Гоцкі схоў да скону дзён,
Так накрылі Рым патокі
Гордых варварскіх плямён.

Гот і свеў — за хваляй хвалі, —
Лангабард, вандал і гун —
Славы большай не спазналі
І такіх не мелі трун.

Ты старой не здрадзіш згодзе,
Даўніх таямніц турма,
Чатырнаццаці стагоддзяў
Для цябе нібы няма.

Годная рака сакрэты
Верна сцеражэ на дне,
Толькі зрэдчас, мо, паэту
Пра Аларыха шапне.

пераклад з ангельскай